Главная Обратная связь

Дисциплины:






Праблема навуковага метаду. Паняцце метадалогіі і методыкі.



Эмпірычны ўзровень навукі – гэта ўзровень навуковага досведу. Што да этымалогіі тэрміна “эмпірычны”, дык за вызначальны момант тут можна прыняць семантыку прыметніка ἔµπειρος (арыстоцелеўская інтэрпрэтацыя тэрміна “эмпірыя” ўзыходзіць у канчатковым выніку менавіта да яе. У “Клясычным грэцка-беларускім слоўніку” Яна Пятроўскага дадзены прыметнік перакладаецца як “дасьведчаны ў, абазнаны з; здольны, спрытны, навыклы ў рэчы” . Досвед, відавочна, выступае не толькі як навуковы, ён мае складаны, шматбаковы характар і можа быць усеагульным або спецыяльным, паўсядзённым або прафесійным і г.д. Яго сутнасць – у глыбокай сувязі з чалавечай дзейнасцю, з практыкай, у непасрэдных і асабістых кантактах з рэчаіснасцю.

У агульнапазнавальным кантэксце досвед выяўляецца як узровень адзінства, сінтэзу пачуццёвага і рацыянальнага пачаткаў: пачуццёвае пазнанне знаходзіць у ім сваё сваё першапачатковае абагульненне і разам з ім сваё адноснае завяршэнне. Што да навукі, дык тут яго асаблівасцю з’яўляецца мэтанакіраваны, упарадкаваны, метадычны характар. Упершыню дадзенае палажэнне было выказана выдатным англійскім Ф.Бэканам (1561-1626). Праўдзівы метад разглядаўся ў той час як гарантыя пазнавальнага поспеху. Ён ставіўся вышэй, чым геній, прасвятленне, інтуіцыя і г.д., і яго распрацоўцы было аддадзена вельмі шмат духоўнай энергіі.

У сучасных умовах шмат хто з філосафаў і тэарэтыкаў навуказнаўства выказвае сумненні адносна адзінства навукі, у тым ліку і метадычнага адзінства. Або існаванне адзінага, універсальнага метаду ставіцца пад пытанне ці ўвогуле катэгарычна адмаўляецца. Так, выбітны прадстаўнік постпазітывісцкай філасофскай традыцыі К.Попер (1902-1994), паводле яго ўласнага расповеду, пачынаў прысвечаны праблеме навуковага метаду курс лекцый з прызнання, што такога (адзінага і ўніверсальнага) метаду няма.

Слова “метад” (ад старажытнагр. выразу μέθοδοϛ, які ўзыходзіць у сваю чаргу да слоў “μετά” і “ὁδός”) азначае “шлях да пэўнай мэты”. На ўзровень філасофскага паняцця яно ўпершыню ўзнімаецца ў Платона. Сэнс і прызначэнне метаду – у тым, каб упарадкаваць і арганізаваць пэўную дзейнасць, пазбавіць яе мітуслівасці, няпэўнасці і няўпэўненасці. Метадычнымі прадпісаннямі акрэсліваецца яе пачатак, разгортванне, рэгламентуецца ўжыванне тых ці іншых працэдур і інструментаў. Метад павінен адпавядаць прадмету і мэце дадзенай дзейнасці, умовам, у якіх яна здзяйсняецца. Таму яго выбар нярэдка ўяўляе сабой досыць нялёгкую і творчую задачу.

Навуковыя метады, відавочна, маюць на мэце арганізацыю і ўпарадкаванне навукова-даследчай дзейнасці. Асноўным метадам эмпірычнага яе ўзроўню з’яўляецца (у згодзе з усеагульным меркаваннем) эксперымент. Эксперымент – гэта метад, сутнасць якога – у актыўным, дзейным і планамерным запытванні прыроды пра яе таямніцы, пра яе істотныя уласцівасці. Ён звязаны, такім чынам, з актыўным, мэтанакіраваным і кантраляваным уздзеяннем даследчыка на аб’ект даследавання Эксперыментальныя яе “допыты” звязаныя з “катаваннямі”, бо вольная, наравістая, яна не хоча адкрываць свае сакрэты. Каб гэтыя катаванні былі выніковымі, ужываюцца, як правіла, вытанчаныя інструменты – тэхнічныя прыстасаванні. Гэта дазваляе атрымаць ад прыроды сюю-тую намінку, намёк, хоць які грунт для адказу на пытанні, што задае ёй навука.



Для паспяховага правядзення эксперымента неабходна стварыць пэўныя, спецыяльныя ўмовы, у якія змяшчаецца прадмет даследавання.

Што да вынікаў эксперымента, дык яны маюць моц у навуцы толькі ў тым выпадку, калі яны атрымліваюцца пры кожным яго паўтарэнні кожным узброеным адпаведнай апаратурай і дастаткова кампетэнтным даследчыкам. У гэтым патрабаванні адлюстроўваецца момант стабільнасці, устойлівасці самой фізічнай рэчаіснасці, і інтэрсуб’ектыўная натура навуковага пазнання. Інтэрпрэтацыя згаданых вынікаў адбываецца пры ўзаемадзеянні ўсіх узроўняў навукова-даследчай дзейнасці, але ў першую чаргу яна звязаная з тэарэтычным пазнаннем.

Эксперымент з’яўляецца найважнейшым метадам эмпірычнага ўзроўню навукі. Ён можа быць праведзены далёка не заўжды і не ва ўсіх абставінах. У галіне касмалогіі, напрыклад, дзе вывучаюцца гіганцкія сістэмы, неспрыяльная для правядзення эксперыментаў сітуацыя з’яўляецца тыпічнай. У такім выпадку даследчыкі звяртаюцца да назірання (неад’емна прысутнага ва ўсякім эксперыменце, безумоўна, больш складаным і развітым метадзе). Назіранне – гэта мэтанакіраванае пачуццёвае ўспрыманне рэчаісных аб’ектаў, выяўленне істотных характарыстык якіх і фігуруе ў якасці яго мэты. У залежнасці ад умоў, у якіх адбываецца даследчая дзейнасць, ад магчымасцяў даследчыка і ўласцівасцяў прадмета яго даследаванняў яно можа быць непасрэдным ці апасродкаваным, г. зн. здзяйсняцца пры дапамозе тэхнічных прыстасаванняў. Іх стварэнне і ўжыванне дыктуецца нярэдка рэвалюцыйнай пазнавальнай сітуацыяй і спрыяе яе далейшаму развіццю (як, напрыклад, стварэнне і задзейнічанне першага тэлескопа Г.Галілеем).

Прыродазнаўства сучаснага тыпу імкнецца да спасціжэння фізічнай рэальнасці ў адзінстве яе існасці, у яе якаснай тоеснасці. У выніку істотнае значэнне набываюць колькасныя адрозненні паміж рэчаіснымі прадметамі, працэсамі і феноменамі. Таму прыродазнаўчыя навукі не могуць абысціся без такога метаду, як вымярэнне. Сутнасць вымярэння – у вызначэнні колькасных параметраў рэальных з’яў, падзей і аб’ектаў праз іх параўнанне з пэўным эталонам. Яго немагчыма правесці пры адсутнасці вымяральных прыстасаванняў, якія, такім чынам, выступаюць як неад’емны элемент у арсенале сродкаў, неабходных для рэалізацыі плённых прыродазнаўчых даследаванняў.

Надзвычай развіты прагматычны аспект сучаснай навукі выяўляецца ў тым, што для яе асаблівае значэнне набыло пытанне пра тое, як здзяйсняецца пэўны працэс ці паводзіць сябе пэўны аб’ект. Адсюль вынікае несумненная і відавочная важнасць навуковага апісання, якое, гэтаксама як і вымярэнне, суправаджае назіранні і эксперыменты на эмпірычным узроўні навукова-даследчай дзейнасці. Апісанне – гэта здзейсненая ў пэўнай знакавай сістэме фіксацыя тых падзей, што мелі (ці маюць) месца ў рэчаіснасці.

Важнае (а ў некаторых выпадках незаменнае) месца ў метадычным арсенале эмпірычнага пазнання займае мадэляванне рэальных з’яў, працэсаў і сістэм, г. зн. стварэнне (у пэўным медыўме – матэрыяльным ці знакавым) іх аналагаў. Такія аналагі – мадэлі – могуць замяшчаць іх у навуковых даследаваннях (у гэтым плане яны вельмі падобныя да знакаў, што і абумоўлівае ў канчатковым выніку магчымасць знакавых іх формаў і разам з імі магчымасць разглядаць у якасці мадэляў тэарэтычныя ўтварэнні).

Існуюць і іншыя метады эмпірычнага пазнання. У даследчай практыцы да агульнанавуковых, г. зн. характэрных для навукі ў цэлым, метадаў (прадстаўнікі якіх якраз і разглядаліся вышэй) далучаюцца спецыяльныя, г. зн. тыя, што знаходзяць ужытак толькі ў паасобных навуках. Таму ў метадычным плане навуковае пазнанне ўяўляе сабой шматбаковы і багаты феномен. Багаццю і разнастайнасці яго метадычнага арсеналу спрыяе і тая акалічнасць, што ў навуковых даследаваннях выкарыстоўваюцца метады, сфера ўжытку якіх выходзіць за іх межы, распаўсюджваючыся на іншыя тыпы пазнання. Сярод метадаў такога кшталту, што ўжываюцца на эмпірычным узроўні навукі, у першую чаргу неабходна адзначыць і вылучыць індукцыю.

Разам з метадалагічным індукцыя выяўляе і грунтоўны лагічны аспект. З пункту гледжання логікі яна выступае як спецыфічная форма высноўвання, у якім адбываецца ўзыходжанне ад пэўнай сукупнасці сінгулярных пасылак да ўсеагульнай высновы. Сінгулярныя пасылкі перадаюцца выказваннямі, у якіх штосьці даводзіцца адносна пэўнага, паасобнага прадмета. Калі клас адпаведных прадметаў вычэрпваецца ў сукупнасці пасылак, дык выснова мае неабходны характар. У такім выпадку адпаведная развага можа разглядацца як прыклад дэдуктыўнага тыпу высноўвання , які, па сутнасці, з’яўляецца супрацьлеглым індукцыі (гэтаксама як дэдуктыўны метад пазнання выступае як супрацьлеглы ў дачыненні да індуктыўнага). Аднак сітуацыя, якая дазваляе ахапіць у зыходных выказваннях усе прадметы класа, пра які ідзе гаворка, мае месца досыць рэдка. Як правіла, у пасылках індуктыўных разваг ахопліваецца толькі іх частка, бо вычарпальны разгляд проста немагчымы –праз неабмежаванасць самога класа прадметаў, праз адкрыты характар нашага досведу: хто ведае, з чым мы можам сутыкнуцца ў будучыні. Таму індуктыўная выснова мае больш агульны характар, чым пасылкі, з’яўляецца ў гэтым сэнсе “пашыральнай”, а значыць і імавернай.

Індукцыя накіроўвае даследчую дзейнасць на выяўленне ў выніках эксперыментаў і назіранняў усеагульных момантаў. Яна ўключае адцягненне ад пабочнага і неістотнага (абстрагаванне), вылучэнне ўсеагульных характэрных рыс аб’ектаў і працэсаў (абагульненне) і мае складаны, комплексны характар. У канчатковым выніку яе ўжыванне сведчыць пра адноснае завяршэнне досведу, пра неабходнасць пераходу на іншы ўзровень даследчай дзейнасці – тэарэтычны.

Але наколькі важнае месца індукцыя займае ў навуковым пазнанні, настолькі сур’ёзную праблему яна ў сабе змяшчае. У сучаснай форме яе ўпершыню сфармуляваў шатландскі філосаф Д.Юм (1711-1766). Сутнасць дадзенай праблемы – у апраўданасці, абгрунтаванасці пераходу ад паасобнага да ўсеагульнага. Прычынна-выніковая сувязь паміж пэўнымі падзеямі зафіксаваная ва ўсім маім мінулым і актуальным досведзе, зусім не абавязкова павінна паўтарыцца ў будучым. Дадзеная праблема паспрыяла разгортванню інтэнсіўных філасофскіх пошукаў і выклікала вострыя дыскусіі. Са спроб яе вырашэння паўсталі цікавыя ідэі, якія ўзбагацілі метатэарэтычны ўзровень навуковага пазнання.

Эмпірычная даследчая дзейнасць здзяйсняецца дзеля пэўных мэтаў і прыносіць пэўныя вынікі. Галоўнай яе задачай з’яўляецца ўстанаўленне фактаў, якія служаць падставай для тэарэтычных даследаванняў. У паўсядзённым жыцці словам “факт” мы абазначаем усё, што сапраўды мела ці мае месца, што адбылося ці адбываецца ў рэчаіснасці. Па вялікім рахунку паняцце навуковага факта мае блізкае значэнне – гэта падзея, устаноўленая і прызнаная навуковай супольнасцю, для якой яна фігуруе як прадмет бясспрэчнага кансэнсусу; выказванне, што фіксуе яе, мае статус праўдзівага. Можна сцвярджаць, што ў згаданым паняцці змяшчаецца момант істотнасці, устойлівасці, унутранай заканамернасці падзеі. У кантэксце навуковага пазнання на факце ляжыць пячатка невыпадковасці, праз яго праглядвае існасць і закон, якія патрабуюць свайго выразнага выяўлення і да якіх набліжаецца эмпірычнае даследаванне.

 





sdamzavas.net - 2018 год. Все права принадлежат их авторам! В случае нарушение авторского права, обращайтесь по форме обратной связи...