Главная Обратная связь

Дисциплины:






Гістарычная дынаміка навукі: асноўныя падыходы і праблемы. Стварэнне прыродазнаўства сучаснага тыпу - гэта вынік інтэнсіўнай творчай працы ўсяго чалавецтва



Стварэнне прыродазнаўства сучаснага тыпу - гэта вынік інтэнсіўнай творчай працы ўсяго чалавецтва. Дадзены вынік дасягнуты толькі ў пэўных умовах – калі на арэну гістарычнай творчасці выйшла дзейная, дынамічная асоба, якая прагнула эфектыўнасці, паспяховасці кожнага свайго дзеяння. Патрэба і спарадзіла навуку, якая абапіралася на эксперыменты і назіранні.

Каб адэкватна перадаць дыскрэтнасць, унутраную разарванасць гісторыі навукі, Т.Кун выкарыстоўвае ўспрынятае ім ад Л.Вітгенштэйна і пераасэнсаванае адпаведным чынам паняцце парадыгмы – узорнай навуковай тэорыі, вакол якой групуецца навуковая супольнасць. Парадыгматычная тэорыя задае стандарты ў плане фармулявання і рашэння навуковых праблем, якія падзяляюцца, на думку Т.Куна, паводле ступені іх складанасці на цяжкавырашальныя ў межах пэўнай парадыгмы і таму небяспечныя для яе і на канформныя з яе існасцю, а таму адносна больш простыя і бяскрыўдныя ў яе кантэксце. На першапачатковым этапе свайго існавання парадыгма раскрывае ўласцівы ёй тлумачальны патэнцыял, гартуе і ўдасканальвае сябе праз вырашэнне адэкватных яе характару праблем. Разам з тым у працэсе навуковага пошуку ўзнікаюць і анамаліі. Т.Кун лічыць, што рацыянальная дыскусія паміж прыхільнікамі розных парадыгмаў немагчымая: яны па-рознаму бачаць свет і размаўляюць на розных навуковых мовах. У тых выпадках, калі новая тэорыя перамагае, калі менавіта вакол яе пачынае групавацца навуковая супольнасць, адбываецца навуковая рэвалюцыя. Прапанаваная Т.Кунам канцэпцыя гістарычнай дынамікі навукі выклікала хвалю крытыкі, яго абвінавачвалі ў ірацыяналізме, у шматзначнасці, невыразнасці асноўных паняццяў, у схематызме. Пад уплывам крытыкі, якую выклікала ягоная канцэпцыя Т.Кун зрабіў пэўныя спробы яе мадыфікацыі. У галоўным – у поглядзе на гісторыю навукі як на дыскрэтны па сутнасці працэс – ён настойваў на правамернасці сваёй пазіцыі. Гэтай пазіцыі трэба аддаць належнае. У канцэпцыі Т.Куна паўстае праблема навуковай рэвалюцыі, якая мае істотнае значэнне для разумення сутнасці і характару гістарычнай дынамікі навукі.

Прапанаваныя ім рашэнні тых праблем, што ён узнімае ў працэсе сваіх пошукаў, у шмат якіх выпадках падаюцца недастаткова абгрунтаванымі. Эмпірычны матэрыял з гісторыі навуковага пазнання сведчыць супраць наяўнай у яго поглядах абсалютызацыі моманту дыскрэтнасці, уласцівага гістарычнай дынаміцы навукі. Уважлівае вывучэнне працэсу разгортвання і дасканалення парадыгматычных тэорый паказвае, што ў яго рамках узнікае зародак. Прапанаваная ірландскім навукоўцам У.Гамільтанам (1805-1865) версія класічнай механікі, напрыклад, была дастасаваная да тэорыі электрычнасці і магнетызму, а таксама знайшла ўжытак у квантавай механіцы. Тэарэтычная апрацоўка гэтай апошняй Р.Фейнманам выступае як падрыхтоўка квантавай электрадынамікі, якая ў сваю чаргу паслужыла ўзорам для іншых тэорый поля.



У парадыгматычнай тэорыі могуць адпачаткова існаваць шанцы і магчымасці для раскрыцця глыбокіх і грунтоўных таямніц прыроды, якія застаюцца ў ёй незаўважанымі і невыкарыстанымі. У класічнай механіцы, напрыклад, невыкарыстанымі засталіся магчымасці для плённага разгортвання навуковай думкі, якія несла ў сабе выяўленае Г.Галілеем супадзенне інертнай і гравітацыйнай мас. Справа ў тым, што ў класічнай фізіцы яно разглядалася як выпадковае. А вось А.Эйнштэйн, не пагадзіўшыся з гэтым, дапусціў, што тоеснасць дзвюх мас мае істотны характар і што яна можа задаць перспектыўны кірунак навуковых пошукаў. Ён сапраўды выявіўся як надзвычай плённы і належаў да найважнейшых крыніц распрацоўкі ўсеагульнай тэорыі адноснасці.

Але гэтыя і падобныя да іх факты зусім не азначаюць, што гісторыя навукі выступае як паступовае і бесперапыннае прырашчэнне ведаў, іх нельга трактаваць як падставу, дастатковую для адмаўлення феномена навуковай рэвалюцыі. Яны азначаюць толькі, што дадзены феномен нельга разглядаць як незваротны скачок праз бездань, бо нават у выпадку самай радыкальнай перабудовы асноў навуковага пазнання застаецца месца для моманту ўнутранай сувязі, сувымеранасці, пераемнасці.

На карысць згаданага адмаўлення, паводле якога гаварыць пра навуковую рэвалюцыю бессэнсоўна, паколькі адбываецца перманентная інтэнсіфікацыя навуковага пазнання. Згаданая інтэнсіфікацыя можа мець розную магутнасць, розную ступень глыбіні і радыкальнасці. Навуковая рэвалюцыя з’яўляецца мацнейшай яе формай. У дачыненні да яе можна выявіць пэўную градацыю. В.С.Сцёпін піша, што навуковая рэвалюцыя можа закранаць толькі аб’ектыўны бок навуковага пазнання, толькі навуковую карціну свет. Але яна можа выяўляцца ў перабудове як карціны свету, так і ідэалаў навуковага даследавання.

Канцэпцыя Т.Куна паспрыяла тэматызацыі ў навуковых даследаваннях і дыскусіях праблемы суадносінаў пазнавальных крызісаў і рэвалюцыйных пераўтварэнняў навуковых ведаў. Яго цэнтральная тэза ў дадзеным кантэксце не знаходзіць эмпірычнага пацвярджэння: гістарычныя даследаванні выяўляюць тут “занадта шмат выключэнняў”.

З пазіцыяй Т.Куна можна пагадзіцца, што пазнавальныя крызісы ствараюць надзвычай спрыяльныя ўмовы для навуковых рэвалюцый, паколькі крызісныя варункі не дазваляюць навуковай думцы заспакоіцца, стымулююць творчы навуковы пошук. Узнікненне крызісных пазнавальных сітуацый звязана з тым, што ў складзе наяўных ведаў паўстаюць парадоксы – грунтоўныя супярэчнасці, якія падаюцца невырашальнымі на аснове тых стандартаў і норм, што дамінуюць на дадзены момант у навуковым пазнанні В.С.Сцёпін лічыць, што такія супярэчнасці выклікаюцца з’яўленнем у полі зроку даследчыкаў новых аб’ектаў, новых іх тыпаў, якія не ўпісваюцца ў наяўныя пазнавальныя структуры і “патрабуюць новага спосабу бачання рэальнасці ў параўнанні з папярэдняй карцінай свету”. У гэтым уцягненні новых, усё больш складаных аб’ектаў у сферу навуковага пошуку і ў адпаведным ускладненні навуковай праблематыкі можна таксама выявіць крытэрыяльную функцыю ў плане ідэнтыфікацыі, ацэнкі і параўнання навуковых тэорый дзеля вырашэння праблемы наяўнасці ці адсутнасці прагрэсу ў навуцы.

Прагрэсіўны характар гістарычнай дынамікі навукі дэтэктуецца таксама тым момантам, што ў працэсе разгортвання навуковага пошуку мае месца перапрацоўка і асіміляцыя папярэдніх ведаў у складзе новых. У дадзенай сувязі можна спаслацца на адзначаную вышэй заканамернасць ва ўзаемадачыненнях парадыгматычных тэорый. Існуюць і іншыя шляхі згаданай асіміляцыі. У рамках навукі сучаснага тыпу, якая ўзнікла ў выніку навуковай рэвалюцыі напачатку Новага часу, “увесь ансамбль ідэй і канцэптаў, што з’явіліся да гэтага ў абсягу розных сістэм і спосабаў мыслення – такіх, як сярэднявечны канцэпт “імпэтус”, – не толькі здолеў абсарбавацца ў новую структуру, але і выявіў значна большую эфектыўнасць”. Аналіз сучаснага прыродазнаўства дазволіў зрабіць выснову, дзе выразна акрэсліваецца сфера ўжывання для іх папярэдніц і яны атрымліваюць статус прыватнага выпадку сваіх паспяховых інавацыйных канкурэнтак. Новая тэорыя выступае ў такіх варунках як больш змястоўная. У дачыненні да сучаснай навукі ў якасці дадатковага крытэрыю яе прагрэсу можа служыць таксама развіццё тэхнікі. Некаторыя філосафы аспрэчваюць такую магчымасць, бо іх сувязь падаецца ім недастаткова адназначнай. Здольнасць навуковага пазнання да прагрэсіўнага развіцця ў немалой ступені абумоўліваецца той яго характарыстыкай, якую выразна выявіў К.Попер у сваёй крытычна-рацыяналістычнай філасофіі. Яе сутнасць – у тым, што “навуковыя тэорыі адрозніваюцца ад міфаў толькі іх даступнасцю крытыцы і адкрытасцю”.

Гістарычная дынаміка навукі мае складаны характар: у ёй спалучаюцца момант бесперапыннасці, апасродкаванасці кожнага наступнага стану навуковага пазнання яго папярэднім станам і момант дыскрэтнасці, звязаны з радыкальнымі пераўтварэннямі навуковых ведаў, іх асноў, якія адбываюцца ў рэвалюцыйныя перыяды іх развіцця. Згаданае развіццё мае ў канчатковым выніку прагрэсіўны характар. У якасці крытэрыяў прагрэсу навуковага пазнання могуць служыць ускладненне навуковай праблематыкі, асіміляцыя дасягнутых на папярэдніх этапах ведаў у складзе новых, больш багатых і змястоўных.





sdamzavas.net - 2019 год. Все права принадлежат их авторам! В случае нарушение авторского права, обращайтесь по форме обратной связи...