Главная Обратная связь

Дисциплины:






Гістарычнае станаўленне навукі сучаснага тыпу: асноўныя этапы і іх асаблівасці



Эмпірычнае вывучэнне прыроды і першыя тэарэтычныя спекуляцыі на аснове гэтага вывучэння мелі месца ўжо ў першабытным грамадстве. Эмпірычнае вывучэнне было звязана з практычнай дзейнасцю людзей, а першыя спробы тэарэтычнай апрацоўкі яго вынікаў адбываліся ў шчыльнай сувязі з магіяй. Навука ўжо ў гэтым прымітыўным выглядзе выявіла сваю дуалістычную духоўна-прагматычную натуру. Тэхніка ў гэты час апярэджвала тэарэтычныя спекуляцыі, практыка дамінавала над тэорыяй. Першыя крокі на шляху вывучэння прыроды, у якасці асноўных напрамкаў якога неабходна адзначыць медыцыну, астраномію, даследаванне флоры і фаўны, былі зробленыя.

Істотнае значэнне ў плане далейшага разгортвання даследчай дзейнасці мела развіццё першабытнай эканомікі, вынаходства пісьменства. Прагрэс вытворчасці вызваліў для людзей пэўную частку часу ад працы, неабходнай толькі для выжывання, і дазволіў сканцэнтравацца на вырашэнні задач, што выходзяць за рамкі задавальнення першасных цялесных патрэбаў. Узнікненне пісьменства зрабіла магчымай значна больш эфектыўную і дакладную, чым гэта мела месца ў стыхіі вуснай традыцыі, перадачу назапашанага досведу новым пакаленням. У такіх умовах навуковыя даследаванні маглі быць значна больш інтэнсіўнымі і плённымі. І сапраўды, у найбольш развітых цывілізацыях Старажытнага Усходу былі дасягнутыя істотныя поспехі ў тэарэтычным вывучэнні прыродных з’яў і працэсаў. Пэўныя з даследчых вынікаў, атрыманых старажытнаўсходнімі астраномамі, выкарыстоўваюцца і сёння ў такіх практыках, як, напрыклад, стварэнне каляндароў.

Для старажытнаўсходняй навукі быў характэрны згаданы вышэй дуалізм. Падпарадкаваны ў першую чаргу рашэнню практычных задач навуковы пошук і тут імкнуўся выйсці за межы вузкага прагматызму. У першапачатковых навуковых даследаваннях фіксаваліся сувязі паміж натуральнымі феноменамі, якія назіраліся людзьмі, і іх міфалагічна-касмаганічнай карцінай свету. Нават у егіпцянаў, навука якіх падаецца больш рэалістычнай. Міфалагічна-касмаганічная карціна свету мае сінкрэтычны характар: логіка зліваецца ў ім з паэзіяй, абстрактнае – з вобразным, а чалавечы і прыродны свет робіцца полем дзеяння багоў і духаў, якія і выклікаюць да жыцця пэўныя прыродныя з’явы.

У VII-VI стагоддзяx да н. э. у антычнай Грэцыі склалася сітуацыя, у якой міфалагічны падыход выявіў сваю недастатковасць у плане забеспячэння патрэбаў духоўнага жыцця, што абумовіла неабходнасць новага тыпу светабачання, пагрунтаванага на рацыянальных прынцыпах. Гэтая духоўная рэвалюцыя была звязаная найперш з утварэннем антычных гарадоў-дзяржаў, з дэмакратычнымі тэндэнцыямі ў іх палітычным уладкаванні, увасабленнем якіх з’яўляецца агара. Паўнапраўныя грамадзяне поліса ў той ці іншай ступені прыцягваліся да дзяржаўнага кіравання і ўдзельнічалі ў палітычным жыцці.



Першым вынікам згаданага пераасэнсавання з’явіліся натурфіласофскія канцэпцыі, распрацаваныя найперш у VI стагоддзі да н. э. у Мілеце, высокаразвітым горадзе ў Малой Азіі. Гэтыя канцэпцыі яшчэ не былі і не маглі быць абсалютна вольнымі ад міфалагічных уяўленняў.

Інтэнсіўная духоўная праца антычных тэарэтыкаў дасакратычнага і класічнага перыядаў падрыхтавала ўзнікненне такога феномена, як эліністычная, александрыйская навука. Істотнае значэнне пры гэтым мелі і выяўленне вялікімі антычнымі філосафамі грунтоўных формаў дэдуктыўных разваг, і актыўны ўжытак Арыстоцелем і іншымі даследчыкамі індуктыўнага метаду, і ўсведамленне фундаментальнай ролі матэматыкі ў сферы навуковага пошуку. Александрыйская навука – адмысловы феномен у духоўнай гісторыі чалавецтва. Яна можа разглядацца і як правобраз, і як своеасаблівы эмбрыён навукі сучаснага тыпу. Прысвечаная вытанчаным, складаным праблемам, яна мела высокаматэматызаваную форму.

У пэўных гістарычных даследаваннях эліністыная навука падаецца як таямнічае, невытлумачальнае “іншароднае цела” ў антычным культурным кантэксце. Пазбаўленая істотных стасункаў з іншымі культурнымі феноменамі, яна цікавіла нібыта толькі яе творцаў, а таксама прадстаўнікоў пталемееўскай дынастыі, што невядома з якіх прычын падтрымлівалі яе. У такім меркаванні фіксуецца своеасаблівы характар александрыйскай навукі.

Пры ўсіх сваіх дасягненнях антычная навука і яе найвышэйшая форма – навука эліністычная – не можа разглядацца як тоесная навуцы сучаснага тыпу. Справа ў тым, што яна не мела такога магутнага цывілізацыйнага падмурку для свайго развіцця, які мае сучасная навука. Антычная навука мае каласальнае гістарычнае значэнне, яна паўплывала на далейшае разгортванне навуковага пошуку і на даследаванні стваральнікаў навукі сучаснага тыпу. Яна ўвогуле ўяўляе сабой грунт усяго развіцця навуковага пазнання ў заходняй цывілізацыі. У ёй закладзеныя асновы вялікага ідэалу навуковай дзейнасці – ідэалу адданасці праўдзе і яе пошуку.

Сярэднявечная навука (V-XV стcт.) развівалася ва ўмовах дамінавання рэлігіі. Паўстае пытанне, як уплывала хрысціянства на развіццё навукі ў заходнім культурным абсягу. На яго нельга даць адназначны адказ. З аднаго боку, сярод хрысціянаў была вельмі пашыраная падазронасць у дачыненні да навукі і боязь яе як занятку свецкага, у дадатак да ўсяго шчыльна звязанага з паганскай культурай. Разам з тым мела месца і ўзмацнялася іншая пазіцыя: праз навуку, праз прыродазнаўства чалавек можа ўзняцца да больш глыбокага разумення такога Боскага тварэння, як фізічны свет, падзівіцца на мудрасць і магутнасць Бога і адчуць удзячнасць за тое, што Бог дазваляе далучыцца да яе праз яе пазнанне. Адмысловае месца ў пазнавальных практыках дадзенай эпохі займае ісламская навука. Па сваіх істотных характарыстыках яна надзвычай блізкая навуцы сучаснага тыпу. Яна моцна паўплывала на развіццё еўрапейскай філасофіі і навукі, на выспяванне перадумоў станаўлення навуковага пазнання сучаснага тыпу.

Кантакты еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі з ісламскім светам адкрылі еўрапейцам доступ да шматлікіх антычных і арабскіх тэкстаў, што значна ўзбагаціла пазнавальныя практыкі сярэднявечнай Еўропы. Надзвычай важным у кантэксце развіцця навукі момантам у згаданым ажыўленні быў пачатак распрацоўкі навуковай метадалогіі (Роберт Гросэтэстэ (1175-1253), Роджэр Бэкан (1214-1294)).

Навуковыя даследаванні былі сканцэнтраваны на фізічнай праблематыцы. Асноўныя вынікі былі ў гэты час дасягнутыя ў працэсе аналізу навуковых твораў. Неабходна адзначыць даследаванні прадстаўнікоў Парыжскай школы (Жана Бурыдана (каля 1300-1358), Мікалая Арэзмскага (каля 1320-1382)), якія рыхтавалі глебу для Вялікай навуковай рэвалюцыі пачатку Новага часу (XVII ст.).

Працэс яе падрыхтоўкі паскорыўся ў эпоху Рэнесансу (XIV-пач. XVII ст.), эпоху пераходнага характару і таму надзвычай супярэчлівую, складаную. У гэты час быў створаны эмбрыён навукі новага, сучаснага тыпу і былі выпрацаваныя спрыяльныя ўмовы для таго, каб ён убачыў свет. Непасрэдным вынікам гэтай напружанай духоўнай працы якраз і з’яўляецца згаданая вышэй Вялікая навуковая рэвалюцыя. Радыкальныя змены ў карціне свету, у самім спосабе светабачання стымуляваліся і вялікімі дасягненнямі ў тэхналагічнай сферы, найперш вынаходствам кнігадрукавання (1453 г.).

Самым істотным чынам паспрыяла разгортванню рэвалюцыйных пераўтварэнняў навукі яе плённае ўзаемадзеянне з іншымі духоўнымі формамі, у кожнай з якіх у гэты час панавала атмасфера пошуку, руху, творчасці. Магутныя імпульсы згаданым пераўтварэнням надалі непасрэдныя, інтэнсіўныя і надзвычай плённыя стасункі навуковага пазнання і рэнесансавага мастацтва. Кардынальныя змены ў сферы навукі стымуляваліся таксама бурнымі падзеямі, што адбываліся ў дадзеную эпоху ў рэлігійным і царкоўным жыцці. Надзвычай інтэнсіўным, багатым на падзеі і вынікі было і ўзаемадзеянне рэнесансавай навукі і філасофіі, якому належала фундаментальная роля ў працэсе перабудовы навуковых ведаў. Найперш неабходна адзначыць філасофска-крытычны, рэфлексіўны аналіз асноў навукова-даследчай дзейнасці, асноў навуковай метадалогіі, які вёўся адраджэнскімі тэарэтыкамі.

Варта адзначыць істотную ролю, што належала ў працэсе распрацоўкі асноў навуковага метаду платанізму і неаплатанізму, а таксама досыць блізкаму да іх герметызму. Герметызм – гэта вучэнне, якое прыпісваецца егіпецка-эліністычнаму богу Гермесу Трысмегісту. Яно заклікала чалавека ўзняцца да адмысловага стану, у якім ён быў бы здольны інтуітыўна спасцігнуць Боскую існасць, а значыцца і існасць выратавання, і ў якім ён змог бы “ў сабе самім адкрыць элементы Боскага.

Важнай вяхой у працэсе ўзнікнення навукі сучаснага тыпу была распрацоўка ідэі прыроднага закона як неабходнай сувязі паміж з’явамі, якая найбольш адэкватна перадаецца праз матэматычныя функцыянальныя залежнасці. Ля вытокаў гэтай ідэі ў навуковай культуры Новага часу таксама стаіць І.Кеплер.

Вызначыць, на які час прыпадае пачатак навуковай рэвалюцыі, з якімі падзеямі і з якімі дзеячамі навукі ён звязаны, – справа нялёгкая: дастаткова сказаць, што некаторыя даследчыкі аспрэчваюць нават рэвалюцыйны характар тэорыі Каперніка . Найбольш слушным падаецца ў дадзенай сувязі меркаванне, згодна з якім вырашальныя трансфармацыі навуковых ведаў адбыліся ў XVII стагоддзі. У гэты час працягваецца інтэнсіўная праца, скіраваная на выяўленне істотных характарыстык навуковай метадалогіі. Прапаноўваюцца тры асноўныя версіі новай праграмы навуковых даследаванняў. Першая з іх звязаная з творчымі пошукамі Г.Галілея, яна развівае згаданыя вышэй ідэі І.Кеплера. Яе найістотнейшая рыса – перакананне ў тым, што матэматычныя пабудовы выяўляюць істотныя характарыстыкі рэальнага стану рэчаў і што абгрунтаваныя пры дапамозе матэматычных працэдур тэарэтычныя палажэнні дапускаюць эмпірычную, эксперыментальную праверку і патрабуюць яе.

Другая версія навуковай праграмы знайшла сваё найбольш яскравае абгрунтаванне і ўвасабленне ў творчасці Р.Дэкарта. Гісторыкі навукі характарызуюць яе як “кінетычны карпускулярызм”. Істотнае значэнне ў ёй надаецца дэдуктыўнаму спосабу выбудоўвання разваг. З галілееўскай версіяй версію Дэкарта лучыць матэматычная канцэпцыя руху, так што паўстае пытанне пра магчымы непасрэдны ўплыў Галілея на яе распрацоўку, наяўнасць якога, сам Дэкарт рэзка і катэгарычна адмаўляў.

Трэцяя версія навуковай праграмы была распрацаваная Ф.Бэканам. У ёй развіваецца ідэя эксперыментальнага засваення прыроды, падкрэсліваецца эўрыстычная значнасць эксперыментаў. Ф.Бэкан падкрэслівае таксама здольнасць навукі кардынальна змяніць жыццё чалавецтва, паспрыяць рашэнню грунтоўных сацыяльных праблем і нацэльвае яе, такім чынам, на дасягненне адпаведных мэтаў. На працягу XVII стагоддзя адбывалася плённае ўзаемадзеянне згаданых падыходаў да вывучэння прыроды, якое падрыхтавала глебу для іх творчага сінтэзу, здзейсненага ў навуковых даследаваннях І.Н’ютана.

Дадзеная падзея была абумоўленая развіццём грамадства ўвогуле. Навука сучаснага тыпу была неабходнай і запатрабаванай у арганізаваным на новых прынцыпах грамадскім жыцці. За сваё грамадскае прызнанне яна мусіла змагацца з усіх сіл: надта смелай і нязвыклай яна была ў сваіх падыходах і ідэях, каб быць проста і лёгка прынятай у грамадстве. На шляху згаданага ўзаемнага ўзмацнення і спрыяння існавалі магутныя перашкоды, бо ўсвядоміць унутраную блізкасць сучаснай навукі і рэлігійнага дыскурсу для шырокай масы людзей было звышскладанай задачай. Таму новая навука мусіла прабіваць сабе дарогу праз канфлікты і калізіі, нястомна пераконваючы сучаснікаў і сведкаў працэсу яе нараджэння ў сваёй каласальнай практычнай значнасці ў суладнасці яе ідэй з прынцыпамі хрысціянскага веравучэння. У гэтых сваіх намаганнях яна ў канчатковым выніку была асуджаная на поспех.

Індыйская, кітайская, арабская цывілізацыі таксама дасягнулі значных поспехаў у навуковым пазнанні прыроды. Але ні дасягненні навукі, ні тэхнічныя вынаходствы не мелі ў іх такога дэстабілізацыйнага эфекту, якi яны выклікалі на заходнім цывілізацыйным абшары . Як указваюць І.Прыгожын і І.Стэнгерс, у сацыяльным плане такая сітуацыя была абумоўленая тым, што напрыканцы Сярэднявечча еўрапейскія інтэлектуалы ў асноўным не залежалі ад уладаў і вылучаліся схільнасцю “да інавацыяў, да вычарпання ўсіх іх магчымасцяў, якімі б небяспечнымі для грамадскага парадку яны ні былі”, у той час, напрыклад, як кітайскія навукоўцы “былі чыноўнікамі, абавязанымі прытрымлівацца бюракратычных правілаў”, належалі да бюракратычнага дзяржаўнага апарату, які меў на мэце падтрыманне грамадскага статус-кво. Знаўцы гісторыі і культуры Кітая адзначаюць таксама, што праз уласцівае гэтай культуры ўяўленне пра гарманічнае ўладкаванне свету ў ёй не было выпрацавана паняцце закона прыроды. Ідэя, паводле якой прыродныя працэсы падпарадкоўваюцца пэўным заканамернасцям, праз пазнанне якіх можна дасягнуць панавання над прыродай, мела грунтоўнае значэнне ў заходнім культурным асяродку і заставалася чужой для Усходу. Заходняя цывілізацыя і спарадзіла той дынамічны, дзейны і зацікаўлены ў веданні законаў прыроды тып асобы.

На працягу ўсёй сваёй гісторыі чалавецтва імкнулася спасцігнуць існасць прыродных з’яў і працэсаў. У эпоху элінізму, у Сярэднявеччы – у асяродку ісламскай цывілізацыі – спасціжэнне прыроды набліжалася да навуковага ўзроўню ў сучасным яго разуменні. Аднак адпаведным інтэлектуальным намаганням – дастатккова паспяховым і плённым – бракавала трывалага сацыяльнага падмурку, глыбокай грамадскай зацікаўленасці ў няспынным разгортванні даследаванняў, скіраваных на адкрыццё законаў, якім падпарадкоўваюцца прыродныя феномены. Такі падмурак утварыўся толькі ў Новы час, ва ўмовах дынамічнага заходняга грамадства, у якім на пярэдні план выходзіць прагматычная і дзейная асоба. У гэтых умовах і адбылося нараджэнне навукі сучаснага тыпу – у выніку складаных духоўных працэсаў, сярод якіх істотнае значэнне мела плённае ўзаемадзеянне розных пазнавальных праектаў і падыходаў, сінтэзаваных у даследчай дзейнасці Н’ютана. Вынікі гэтай дзейнасці выступаюць як найяскравейшае сведчанне згаданага нараджэння.

 





sdamzavas.net - 2019 год. Все права принадлежат их авторам! В случае нарушение авторского права, обращайтесь по форме обратной связи...