Главная Обратная связь

Дисциплины:






Біяэтыка як міждысцыплінарная галіна пазнання



Навуку твораць людзі, якія знаходзяцца ў пэўных стасунках паміж сабой, і гэтыя стасункі, натуральна, пэўным чынам рэгулююцца. У працэсе разгортвання навуковых даследаванняў быў выпрацаваны кодэкс маральных норм, якіх дзеячы навукі мусяць прытрымлівацца (інакш ім пагражае выключэнне з навуковай супольнасці, што, на жаль, мела месца ў рэальнасці).

Імклівае развіццё навукі ў Найноўшы час, каласальнае ўзмацненне яе ўплыву на вытворчасць – і на грамадскія, і на тэхналагічныя яе аспекты, –звязанае з імклівым развіццём эканомікі пагаршэнне экалагічнай сітуацыі, інтэнсіўнае прыцягненне набыткаў навуковага пошуку ў ваенную сферу, што выклікaла з’яўленне зброі масавага знішчэння, з усёй актульнасцю паставіла пытанне пра сацыяльную адказнасць даследчыкаў, г. зн. пытанне пра этыку і этас навукі. Пры гэтым маюцца на ўвазе не толькі і не столькі прафесійныя, скіраваныя на забеспячэнне прыстойных дачыненняў унутры навуковага цэху этычныя нормы і правілы.

Асабліва востра дадзенае пытанне закранае біялогію, паколькі яна мае справу з жыццём, з жывымі істотамі, з чалавекам. Таму пазнавальнае дачыненне мае тут спецыфічны, у пэўным сэнсе суб’ект-суб’ектны характар і выяўляе іманентнае этычнае вымярэнне.

Неабходна адзначыць, што ў працэсе гістарычнага развіцця біялогіі і антрапалогіі неаднойчы мелі месца спробы выкарыстаць іх набыткі для абгрунтавання сацыяльных стратэгій і праектаў з яўнай ці няяўнай ідэалагічнай падасновай (напрыклад, расісцкай або каланіялісцкай). Найбольш вядомыя і адначасова найбольш агідныя з іх – еўгенічныя практыкі нацыстаў, якія выявіліся ў масавым знішчэнні прадстаўнікоў непаўнавартасных, як яны лічылі, народаў, у небяспечных эксперыментах, што праводзіліся з людзьмі і да т.п. Яўгеніка – гэта даследаванне, якое мае на мэце знайсці і абгрунтаваць шляхі да паляпшэння генетычнага складу пэўных папуляцый. У гісторыі (і не толькі найноўшай) прапаноўваліся самыя розныя ідэі і праекты, скіраванныя на такое паляпшэнне. І яны стваралі ў найвышэйшай ступені спрыяльныя ўмовы для вострых этычных дыскусій – асабліва, калі гаворка ішла пра чалавека, пра людскія супольнасці, пра чалавецтва. Пры гэтым зусім неабавязкова, каб адпаведныя погляды і дзеянні мелі такі пачварны характар, як у выпадку фашысцкай тэорыі расавай чысціні і масавых здзекаў з вязняў канцэнтрацыйных лагераў.

Такім чынам, звязаныя з біялагічнымі даследаваннямі маральныя праблемы зусім не ігнараваліся ў працэсе духоўнага развіцця чалавецтва (і не маглі ігнаравацца праз згаданае вышэй неад’емнае этычнае вымярэнне гэтых даследаванняў). У 60-х – 70-х гадах ХХ ст. яны набылі, аднак, асаблівую вастрыню і асаблівую актуальнасць. Неабходна адзначыць, што ў гэты час грамадская цікавасць да біялогіі істотна ўзмацняецца і ў далейшым узрастае надзвычай хуткімі тэмпамі. У навуковай літаратуры такі стан рэчаў вытлумачваецца, па-першае, інтэнсіўнымі дэбатамі па экалагічных праблемах, якія, нягледзячы на іх міждысцыплінарны характар, выяўляюць найгрунтоўнейшы біялагічны складнік. Па-другое, падкрэсліваецца гіганцкі грамадскі рэзананас тэхнічнага ўжывання вынікаў біялагічных даследаванняў, што спарадзіла вялікія надзеі, але разам з тым і пэўны недавер, падазронасць і нават страх. Па-трэцяе, адзначаецца, што істотнае значэнне належыць у дадзенай сувязі найноўшым дасягненням нейрабіялогіі і вострым дыскусіям, што адбыліся ў яе абсягу ў апошні час.



Моцны штуршок прысвечаныя біяэтычным праблемам дыскусіі атрымалі таксама праз шэраг абуральных афер, калі на людзях праводзіліся жорсткія, небяспечныя эксперыменты, калі, напрыклад, пажылым людзям уводзіліся ракавыя клеткі без усялякай абароны арганізма (бруклінская афера) ці дзецям з запаволеным псіхічным развіццём прышчэпваўся вірус гепатыту В (афера Вілоўбрука).

Дасягнутыя на гэты час поспехі ў галіне генетыкі стварылі спрыяльныя ўмовы для ажыўлення і пашырэння неаеўгенічных кірункаў, а з імі і вострых этычных дэбатаў. У такой сітуацыі усё большая колькасць даследчыкаў пачала прызнаваць магчымым і мэтазгодным ужыванне “метадаў геннай інжынерыі дзеля рэканструкцыі генатыпа чалавека”. У гэтых варунках мелі месца нават спробы здзяйснення неаеўгенічных праектаў. Так, амерыканскі бізнесовец Р.Грэм стварыў банк для захоўвання “высокаякаснай” спермы і знайшоў жанчын, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у стварэнні “звышлюдзей”.

Неабходна падкрэсліць таксама, што бурная, рэвалюцыйная атмасфера 60-х гадоў мінулага стагоддзя была надзвычай спрыяльнай для крытычнага асэнсавання сацыяльнай рэчаіснасці і ў гэтым рэчышчы для ўзнікнення новых напрамкаў этычнага аналізу (біяэтычны дыскурс цалкам здольны асіміляваць сацыяльна-крытычныя стратэгіі і інтэнцыі, выкарыстоўваючы пры гэтым такія канцэпты, як, напрыклад, “біяўлада”, г.зн. улада, што распаўсюджваецца на ўсё насельніцтва і выступае як кантроль нараджальнасці, смяротнасці, аховы здароўя і да т. п., – канцэпт, прапанаваны М.Фуко).

У такіх умовах і адбылося нараджэнне біяэтыкі як міждысцыплінарнага кірунку навуковых даследаванняў: надта складаны характар набылі маральныя праблемы, звязаныя з вывучэннем жыцця і жывога. Запатрабаванасць такога кірунку яскрава засведчыла яго хуткая, дынамічная інстытуцыялізацыя: паўстаюць афіцыйныя і неафіцыйныя даследчыя і кансультатыўныя ўстановы, якія аб’ядноўваюць прадстаўнікоў розных навуковых дысцыплін і грамадскіх сфер, зацікаўленых этычнымі праблемамі біялогіі і медыцыны (этычныя камітэты пры бальніцах, ворганах кіравання рознага ўзроўню ў ЗША, знакаміты Гастынгс Цэнтр, які быў створаны пры канцы 60-х гг. ХХ ст. дзеля прыцягнення шырокага кола спецыялістаў да правядзення біяэтычных даследаванняў і г.д.). Адзначым таксама, што нованароджаны духоўны феномен хутка знайшоў і замацаваў за сабой адэкватнае імя: упершыню ўжыты яшчэ ў 20-х гадах, застаўшыся ў той час, аднак, незаўважаным, тэрмін “біяэтыка” быў нанова ўведзены ў 1970 г. і імкліва набыў шырокую папулярнасць. Пры гэтым ні ў якім разе нельга пакінуць па-за ўвагай падкрэслены вышэй міждысцыплінарны характар дадзенага пазнавальнага кірунку: інакш можа паўстаць памылковае ўражанне, нібыта гаворка вядзецца пра навуковую дысцыпліну ў традыцыйным сэнсе слова.

Указання на міждысцыплінарную прыроду біяэтыкі, аднак, зусім недастаткова для разумення яе існасці. Для гэтага неабходна ясна ўсвядоміць незвычайную маштабнасць сінтэзу, у выніку якога яна ўзнікла і які яна мусіць здзяйсняць зноў і зноў у новых формах і на новых напрамках у працэсе свайго развіцця. Сапраўды, у ёй спалучаюцца тэарэтычны і практычны, ужытковы аспекты; філасофія (і не толькі этыка, але таксама філасофская антрапалогія і нават метафізіка) уступаюць у яе абсягу ў дыялог з прыродазнаўствам, з біялогіяй, медыцына – з тэалогіяй, а маральныя пошукі знаходзяць шматлікія кропкі судакранання з палітыкай і правам. У такіх умовах рознасць меркаванняў, поглядаў і падыходаў да адпаведных пытанняў выступае, з аднаго боку, як нармальная з’ява, а з іншага,– як грунтоўная праблема, бо біяэтычныя пытанні патрабуюць ясных, адназначных адказаў, што павінны паслужыць асновай для палітычных рашэнняў і заканадаўчых актаў. Гэта азначае, што мэты і задачы біяэтычнага дыскурсу змушаюць яго ўдзельнікаў да пошуку кансэнсусу, да артыкуляванага выяўлення аб’яднальных прынцыпаў (ролю якіх могуць выканаць міжнародныя дакументы ў галіне правоў чалавека).

Той момант, што біяэтыка прасякнутая духам дыскусійнасці, знаходзіць сваё ўвасабленне і ў неакрэсленасці межаў яе праблемнага поля: розным навукоўцам яны бачацца і праводзяцца імі па-рознаму. Хоць непасрэдным грунтам, на якім узнік біяэтычны дыскурс, з’яўляецца медыцына, для шмат каго з даследчыкаў (але не для ўсіх) яго праблематыка выходзіць за межы апошняй, ахоплівае ўсю сукупнасць жывога і распаўсюджваецца нават на дачыненні чалавека і біясферы, якая ўключае ў сябе ў якасці кампанента і нежывую матэрыю. У сувязі з гэтым у абсягу біяэтыкі можна вылучыць антрапацэнтрычны, патацэнтрычны (скіраваны на здольныя да адчування жывыя істоты), біяцэнтрычны і фізіяцэнтрычны (той, што арыентуецца на прыроду ў цэлым) падыходы. Відавочна, што іх распрацоўка была падрыхтаваная шматвекавым развіццём філасофіі і этыкі (тут можна прыгадаць характэрны для індыйскай філасофскай культуры прынцып ненанясення шкоды жывому – “ахімсы”, – асабліва яскрава выяўлены ў этыцы джайнізму, патацэнтрычную этыку А.Шапенгаўэра, тэзу К.Маркса пра прыроду як неарганічнае цела чалавека, пагрунтаваную на прынцыпе глыбокай пашаны да жыцця этыку А.Швейцэра). Але і ў гістарычным развіцці біялогіі існавалі традыцыі, што спрыялі іх узнікненню: К.Кёхі ўказвае, напрыклад, на факт катэгарычнага адхілення эксперыментаў з жывёламі біёлагамі-рамантыкамі.

Па сутнасці, наяўныя ў абсягу біяэтыкі парадыгматычныя падыходы цесна звязаныя паміж сабой. Галоўная роля належыць пры гэтым антрапацэнтрычнаму прынцыпу: найважнейшым прадметам, праблемай, задачай і мэтай біяэтычных даследаванняў (як і этычных пошукаў увогуле) з’яўляецца чалавек. Патацэнтрычны, біяцэнтрычны і фізіяцэнтрычны падыходы канкрэтызуюць і дапаўняюць яго, бо праз дачыненні да жывёлаў, да жывых істотаў, да прыроды ўвогуле чалавек дачыняецца ў канчатковым выніку да самога сябе, да іншых людзей, да будучых пакаленняў.

Цесна звязаныя паміж сабой і тыя комплексы грунтоўных праблем, што можна вылучыць у абсягу біяэтычных даследаванняў. Гаворка павінна ісці тут, па-першае, пра маральныя праблемы, якія паўстаюць у сувязі з інтэнсіўным развіццём біятэхналогій (геннай інжынерыі і геннай тэрапіі, кланавання і інш) і выступаюць разам з тым як кампанент шырокага кола складаных этычных пытанняў, што датычаць сучаснай медыцыны (пытанні адносна эўтаназіі, абортаў, сурагатнага мацярынства і інш); па-другое, пра праблематыку, звязаную з дачыненнямі паміж чалавекам і жывёламі (пытанні адносна магчымага этычнага статусу жывых істотаў, уцягнутых у сферу чалавечай практычнай і пазнавальнай дзейнасці, адносна эксперыментаў з жывёламі і г.д.); па-трэцяе, пра праблемы, што датычаць этычных аспектаў узаемадзеяння чалавека і навакольнага свету (праблема каштоўнасці натуральнага асяроддзя, яго значэння ў кантэксце сістэмы маральных дачыненняў паміж людзьмі і інш.).

Актыўнае выкарыстанне біятэхналогій спарадзіла ў найвышэйшай ступені складаную, супярэчлівую сітуацыю: з аднаго боку, яно ўжо прыносіць вялікую карысць (у плане лячэння спадчынных хвароб, стварэння эфектыўных лекаў, прадуктаў харчавання і г. д.) і надзвычай шмат абяцае, а з іншага,- выклікае, пачуццё няўпэўненасці, трывогі, і нават страху, бо чалавек асмельваецца ўмяшацца ў надта далікатную сферу, дзе кожны памылковы крок можа мець трагічныя наступствы. У сувязі з тымі практыкамі, што падаюцца асабліва рызыкоўнымі (звязанымі з рэалізацыяй трансгенічных праектаў, напрыклад), увогуле гучыць пытанне, ці не пераходзіць чалавек мяжу, што падзяляе чалавечае і Боскае. Трансгенічныя працэдуры, аднак, забаронена ўжываць у дачыненні да чалавека. А вось выдзяленне і даследаванне чалавечых эмбрыянальных ствалавых клетак дазваляецца – з большымі ці меншымі абмежаваннямі ў розных краінах. Эмбрыянальныя ствалавыя клеткі здабываюцца з зародкаў, атрыманых праз штучнае апладненне і не выкарыстаных па іх прызначэнні. Дадзеная працэдура суправаджаецца разбурэннем эмбрыёнаў, што выклікае надзвычай вострыя этычныя дэбаты. Чалавецтва сапраўды сутыкаецца тут з грунтоўнай праблемай, істотным аспектам якой з’яўляецца пытанне, дзе і калі пачынаецца чалавек. Той, хто не прымае такіх практык, даводзіць, што аплодненая яйцаклетка ўжо з’яўляецца чалавекам і патрабуе адпаведнага абыходжання.

Расшыфроўка генома чалавека, яго інтэнсіўнае вывучэнне здзяйсняецца дзеля высокародных пазнавальных і практычных мэтаў. Яно з’яўляецца грунтоўнай перадумовай ранняй дыягностыкі і лячэння шмат якіх чалавечых хвароб. Разам з тым у грамадстве ўжо зараз адчуваецца апаска, ці не зробяцца вынікі вывучэння геномаў паасобных людзей падставай для ўзнікнення новых грамадскіх падзелаў і новых формаў дыскрымінацыі. І на самай справе, калі інфармацыя адносна людзей з выяўленымі ў працэсе згаданага вывучэння геннымі адхіленнямі патрапіць у рукі кіраўнікоў прадпрыемстваў, фірмаў ці страхавых агенцтваў, дык яны, трэба меркаваць, будуць ставіцца да такіх людзей падазрона і наўрад ці пагодзяцца наймаць іх на працу або падпісаць з імі страхавую дамову.

Неабходна адзначыць таксама, што ў выпадку масавай праверкі чалавечых геномаў могуць пашырацца і ўзмацняцца праявы нецярпімасці да хворых людзей. Калі яны ведалі пра ўласцівую ім схільнасць да захворвання і не пагадзіліся з тых ці іншых прычын на генную тэрапію, дык ці не будзе ўскладацца на іх адказнасць пры яго ўзнікненні, ці не будуць абвінавачвацца яны ў сваіх фізічных недахопах? У пэўным сэнсе насуперак гэтаму, аднак, у дадзенай сувязі гучыць пытанне, ці мае пэўны індывід права дапусціць медыцынскае ўмяшальніцтва ў такую далікатную сферу свайго арганізма, як геном, ці мае права цалкам і поўнасцю распараджацца ім? Сапраўды, калі гены перадаюцца ад пакалення да пакалення, дык ці з’яўляецца чалавек поўным і адзіным уласнікам свайго генома?

Цэлы шэраг этычных праблем паўстае ў сувязі з генетычнай дыягностыкай і кансультаваннем. Наколькі і як магчыма забяспечыць аўтаномію людзей, якія маюць патрэбу ў кансультацыі, пры прыняцці рэпрадуктыўнага рашэння? Сітуацыя ўскладняецца тым, што ў дадзеным выпадку кансультуецца, як правіла, не паасобны індывід, а сям’я. Як павінен у такіх умовах здзяйсняцца прынцып канфідэнцыяльнасці, асабліва ў сітуацыі, калі адпаведная інфармацыя можа негатыўна паўплываць на будучыню адпаведнай сям’і?

Калі весці гаворку пра практыкі сучаснай біялогіі, якія найчасцей аспрэчваюцца і адпрэчваюцца з маральных меркаванняў, дык адразу ўзгадваецца кланаванне. Негатыўны яго імідж у грамадскай свядомасці шмат у чым абумоўлены мастацкай і публіцыстычнай апрацоўкай тэмы “Рэпрадуктыўнае кланаванне людзей”. Пасля таго як напачатку 1997 г. была скланаваная авечка Долі, прывід чалавечага кланавання заблукаў па свеце, выклікаючы ў асноўным непрыняцце і абурэнне. Шмат хто з біёлагаў даводзіць, аднак, пра неабходнасць адрозніваць у дадзеным кантэксце паспяховыя і надзвычай перспектыўныя біялагічныя працэдуры і магчымае злоўжыванне імі ў таталітарна ўладкаваным грамадстве. Пры гэтым высоўваецца таксама патрабаванне ў найвышэйшай ступені ўзважанага стаўлення да згаданага феномена. Нават на рэпрадуктыўнае кланаванне людзей не павінна накладацца апрыёрнае табу, бо могуць быць сітуацыі, ў якіх адпаведныя забароны зусім не выглядаюць абсалютна апраўданымі (напрыклад, у выпадку бяздзетнасці індывідаў, ва ўмовах, калі дзіця раптоўна памерла ці смяротна хворае, і да т.п.).

Сярод біяэтычных пытанняў асаблівае месца займаюць тыя, што маюць дачыненне да праблемы жыцця і смерці. Прысвечаныя ім дыскусіі маюць найвастрэйшы характар, эмоцыям належыць у гэтых дыскусіях заўжды не меншае месца, чым аргументам, дасягненне грамадскага кансэнсусу па іх выглядае вельмі і вельмі праблематычным. Жыццё (і жыццё ўвогуле, і жыццё чалавека) непарыўна звязана са сваёй супрацьлегласцю, са смерцю. І калі чалавек мае права годна і прыгожа жыць у гэтым свеце, дык яму павінен быць гарантаваны і годны сыход з яго.

Прагрэс сучаснай медыцыны дазваляе выратаваць чалавечае жыццё ў надзвычай складаных выпадках, не заўжды забяспечваючы пры гэтым, на жаль, адпаведную ідэалу чалавечай годнасці яго якасць. У сувязі з гэтым паўстала праблема эўтаназіі, г. зн. спынення пакутаў безнадзейна хворага чалавека пры дапамозе медыцынскага ўмяшальніцтва (актыўная эўтаназія) або неўмяшальніцтва (пасіўная эўтаназія). Яе прыхільнікі падкрэсліваюць права выбару, якое мае хворы чалавек, цяжар пакутаў і дэмаралізацыю, дэгуманізацыю асобы, што цягнуць за сабой шмат якія хваробы. Іх апаненты сцвярджаюць, што легалізацыя эўтаназіі выкліча ў перспектыве небяспечны пералом у свядомасці чалавецтва, да найвышэйшых духоўных дасягненняў якога якраз і належыць уяўленне пра чалавека і яго жыццё як пра найвышэйшую каштоўнасць. Яны ўказваюць таксама на імаверныя памылкі ў дыягностыцы, на магчымасць хуткага з’яўлення новых лекавых прэпаратаў, што дазволяць вылечыць хворага чалавека. У адпаведных дыскусіях прыводзяцца і іншыя аргументы, якія, аднак, найчасцей не ўспрымаюцца супрацьлеглым бокам як пераканаўчыя (што мае месца, зрэшты, і пры абмеркаванні праблемы абортаў, якія абрываюць ненароджанае яшчэ жыццё).

Што да біяэтычных падыходаў, у якіх тэматызаваліся дачыненні чалавека да жывой і нежывой прыроды, дык іх распрацоўка стымулявалася і тымі калізіямі, што паўсталі ў разгортванні згаданых дачыненняў (іх яскравым увасабленнем з’яўляецца экалагічны крызіс), і развіццём біялагічнай навукі. І дарвінаўскае вучэнне, і іншыя біялагічныя тэорыі пераканаўча паказалі глыбокае адзінства чалавека з астатнімі жывымі істотамі, што праблематызуе ягонае стаўленне да іх і змушае яшчэ і яшчэ раз прадумаць і пераасэнсаваць аргументы, якімі ён абгрунтоўваў сваё вяршэнства над імі.

Такім чынам, пазнавальнае дачыненне ў галіне біялогіі мае спецыфічны, у пэўным сэнсе суб’ект-суб’ектны характар і выяўляе іманентнае этычнае вымярэнне. У 60-х – 70-х гадах ХХ ст. звязаныя з біялагічнымі даследаваннямі маральныя праблемы набылі асаблівую актуальнасць, што абумовіла ў выніку з’яўленне біяэтыкі як міждысцыплінарнага кірунку навуковых даследаванняў. Каласальная складанасць біяэтычных праблем паспрыяла распрацоўцы розных даследчых стратэгій, падыходаў і поглядаў, выклікала да жыцця вострыя дыскусіі і запатрабавала разам з тым грамадскай згоды, артыкуляванага выяўлення аб’яднальных прынцыпаў, на ролю якіх могуць прэтэндаваць міжнародныя дакументы ў галіне правоў чалавека.

Наяўныя ў абсягу біяэтыкі парадыгматычныя падыходы (антрапацэнтрычны, патацэнтрычны, біяцэнтрычны і фізіяцэнтрычны) цесна звязаныя паміж сабой. Галоўная роля належыць пры гэтым антрапацэнтрычнаму падыходу. Грунтоўныя біяэтычныя праблемы групуюцца ў тры асноўныя комплексы: па-першае, маральныя праблемы, звязаныя з прагрэсам медыцыны, істотным кампанентам якіх з’яўляюцца этычныя калізіі, выкліканыя да жыцця інтэнсіўным развіццём біятэхналогій; па-другое, праблемы маральнага парадку, што паўстаюць у кантэксце дачыненняў паміж чалавекам і жывёламі; па-трэцяе, праблемы, што датычаць этычных аспектаў узаемадзеяння чалавека і навакольнага свету. Хоць адпаведныя пытанні востра дыскутуюцца ў грамадстве, адназначных агульнапрымальных адказаў яны не знайшлі, што ўказвае на неабходнасць інтэнсіфікацыі біяэтычных пошукаў.





sdamzavas.net - 2019 год. Все права принадлежат их авторам! В случае нарушение авторского права, обращайтесь по форме обратной связи...