Главная Обратная связь

Дисциплины:






Навука як від пазнання і як феномен культуры



АСНОВЫ СУЧАСНАГА ПРЫРОДАЗНАЎСТВА

Вучэбны дапаможнік

 

 

 

 

Мінск 2012

 


ПРАДМОВА

Выдатная роля тэарэтычнага прыродазнаўства ў сучасным грамадстве, поспехі, дасягнутыя ім у пазнанні прыродных працэсаў, ствараюць спрыяльныя ўмовы для пашырэння адмысловага тыпу светапогляду – натуралістычнага. Натуралістычнае светабачанне прасякнута перакананнем у духоўным вяршэнстве прыродазнаўчых навук (і ў плане распрацаванай імі карціны свету, і з пункту гледжання характэрных для іх пазнавальных працэдур). У адпаведнасці з гэтым праз іх прызму разглядаюцца і філасофскія праблемы, пазнавальны патэнцыял прыродазнаўства лічыцца дастатковым для найбольш глыбокага іх вырашэння.

Надзвычай яскрава дадзеная пазіцыя выявілася ў супольнай кніжцы C.Хокінга і Л.Млодзінава “Вялікі праект: Новае тлумачэнне ўніверсуму”. Аўтары абвясцілі ў ёй, што філасофія памерла і што адвечныя пытанні светапогляднага зместу і характару перайшлі ў кампетэнцыю навукі [43, c.11]. З іх разважанняў вынікае, што гіпатэтычныя навуковыя канструкцыі здольныя спасцігнуць і чалавека, і Сусвет, прычым яны могуць зрабіць гэта найлепшым, найглыбейшым з усіх існых духоўных формаў чынам. Аўтары падкрэсліваюць, што навуковы, рацыянальны шлях пазнання рэчаіснасці грунтуецца на прынцыпе дэтэрмінізму: кожную (без выняткаў) падзею ва ўніверсуме неабходна разглядаць як абумоўленую законамі прыроды [43, c.33]. Ідэя свабоды волі выглядае ў такой сітуацыі тэарэтычнай рэакцыяй на нашу няздольнасць ахапіць і разлічыць паводзіны ўсіх тых часцінак, з якіх складаецца чалавечы арганізм. На самай справе нашы учынкі (як і праявы быцця ўсякага іншага матэрыяльнага ўтварэння ў Сусвеце) намалагічна[1] абумоўленыя, і толькі надзвычайная складанасць нашай структуры не дазваляе перадаць іх сапраўдную існасць у функцыянальных матэматычных залежнасцях. У такіх умовах не застаецца нічога іншага, як звярнуцца да гіпотэзы, якая мае ніштаваты тлумачальны патэнцыял і дае магчымасць у пэўнай ступені справіцца з адпаведнымі тэарэтычнымі і практычнымі праблемамі, – гіпотэзы свабоднай волі чалавека [43, c.33-35]. (Свабода вытупае тут, такім чынам, як мера нашага няведання.)

Неабходна адзначыць, што дэтэрміністычная карціна свету, якую адстойваюць С.Хокінг і Л.Млодзінаў, уласцівая найперш класічнаму прыродазнаўству, прыродазнаўству ХVII-ХІХ стагоддзяў. Натурфіласофскія (у шырокім сэнсе слова) пошукі і знаходкі прадстаўнікоў сучаснай навукі дазваляюць дапоўніць і ўзбагаціць яе. За адназначнай заканамернасцю рэальных працэсаў, апісаных адпаведным чынам класічнай фізікай, навука ХХ ст. адкрыла панаванне выпадку. Э.Шродзінгер, напрыклад, падкрэслівае ў дадзенай сувязі, што “ўсеагульны корань строгай заканамернасці, якую мы назіраем, – гэта выпадак”[2] [81, c.10]. Ва ўнісон з выдатным фізікам знаны біёлаг Ж.Манод піша, што створанае эвалюцыяй багацце жывых формаў на Зямлі з’яўляецца “вынікам гіганцкай латэрэі, дзе чыста выпадкова выцягваюцца нумары, з якіх сляпы адбор вызначае рэдкіх пераможцаў” [64, с.155]. Універсум зусім не напоўнены жыццём, не выношвае яго ў сваім чэраве, як і біясфера не выношвала ў сваім чэраве чалавека: у падабенстве з іншымі жывымі істотамі мы чыста выпадкова атрымалі шчаслівы латэрэйны білет [64, c.161].



Такім чынам, атрымалася карціна, дзе чалавек падаецца як выпадковы прадукт эвалюцыйнага працэсу, а яго жыццё – як падпарадкаванае сляпой прыроднай неабходнасці. Уся яго ўнікальнасць зводзіцца да неймавернай складанасці ягонай структуры і найперш мозга – крыніцы яго каласальных магчымасцяў і здзяйсненняў. Для тых, хто падзяляе каштоўнасці, угрунтаваныя ў гуманітарнай культурнай традыцыі, для каго чалавек – гэта найперш духоўная істота, натуралістычны падыход быў і застаецца непрымальным. Гэта выразна выявілася ў звязанай з гуманітарнай культурай філасофскай традыцыі. Яе прадстаўнікі нястомна падкрэслівалі абмежаваны характар прыродазнаўчай карціны свету. Г.-Г.Гадамер, напрыклад, указваў, што фізіка нават у самым лепшым для яе выпадку – калі б яна ўзнялася да так званай тэорыі ўсяго – не магла б прэтэндаваць на ўніверсальны статус, бо ў ёй з неабходнасцю захаваецца адрозненне паміж тым, хто робіць разлікі, і тым, што разлічваецца: “Фізіка, якая разлічвала б самую сябе і была б сваім уласным разлічваннем, заставалася б супярэчнасцю ў сабе” [38, c.456]. Філосаф дадае, што сітуацыя ў біялогіі мае аналагічны характар [38, c.456].

Натуралістычная пазіцыя падаецца таксама досыць абмежаванай і, магчыма, нават рызыкоўнай у этычным плане. Наколькі эфектыўна на яе аснове можна супрацьстаяць спакусам, на якія багатая сучасная навука? І ці не спрыяе ўяўленне пра тое, што чалавек – гэта ўсяго толькі надзвычай складаная біямашына, калі не ўсім магчымым спробам яго тэхнічнага ўдасканалення, дык, прынамсі, памяркоўным і добра ўзважаным? Пільнасць і асцярожнасць тут тым больш неабходныя, што ў рэчаіснасці мелі і маюць месца практыкі, у якіх чалавек зводзіцца да ўзроўню аб’екта маніпулявання і эксперыментавання (тое, што адбывалася ў нацысцкіх канцлагерах, уяўляе сабой, безумоўна, найбольш адыёзны прыклад такіх практык).

Аднак падкрэсліць адпачатковую абмежаванасць і рызыкоўнасць натуралістычнага светабачання, шукаць і знайсці ў ім іншыя заганы і спыніцца на гэтым – досыць аднабаковы і бясплённы спосаб абыходжання з дадзеным феноменам. Значна больш дзейсны і выніковы шлях – разглядаць яго як выклік, як сур’ёзную філасофскую праблему, што задае важны кірунак тэарэтычнага аналізу. Таму сутыкненне з ім павінна ператварыцца ў дыялог. Прыхільнікі адпаведнага кола ідэй надзвычай высока ацэньваюць светапоглядны патэнцыял прыродазнаўства і, як правіла, бліскуча валодаюць ім. Таму дыялог з імі можа быць паспяховым толькі ў тым выпадку, калі прыродазнаўчая праблематыка не знікне з яго прадметнага, змястоўнага поля. Гэта цягне за сабой, аднак, неабходнасць сур’ёзнага яе даследавання, грунтоўнага аналізу светапоглядных патэнцый, светапоглядных асноў і светапоглядных набыткаў тэарэтычнага прыродазнаўства.

Разам з тым праблемнае поле згаданага дыялогу не павінна абмяжоўвацца прыродазнаўчымі аспектамі. Набыткі гуманітарыстыкі не менш значныя і адпаведныя аргументы не менш важкія, чым прыродазнаўчыя. І трэба адзначыць, што ў пэўных выпадках яны ўспрымаюцца прыродазнаўцамі з усёй магчымай сур’ёзнасцю. Тут варта ўзгадаць вядомага нямецкага фізіка К.Ф.фон Вайцзэкера, які здолеў узняцца да грунтоўнай, прафесійнай філасофскай рэфлексіі. Ён з прызнаннем згадвае гуманітарыстыку (“навуку пра дух” – Geisteswissenschaft) з яе інтэрпрэтацыйнымі падыходамі, бо яна шмат што дала яму ў плане разумення гісторыі філасофіі, без якога плённыя філасофскія даследаванні проста немагчымыя [88, c.72].

Натуралістычны светапогляд належыць да духоўных феноменаў, да якіх нельга ставіцца абыякава. Ён правакуе і змушае да пошукаў. У ім выяўляецца каласальная складанасць праблемы чалавека і яго месца ў Сусвеце. Дыялагічная альтэрнатыва натуралізму звязаная з сур’ёзным стаўленнем да яго і да ягоных аргументаў, якія павінны быць уключаныя ў больш шырокі духоўны кантэкст, правераныя і пераасэнсаваныя ў ім. Такая пазіцыя мае сваёй перадумовай, аднак, грунтоўнае вывучэнне прыродазнаўчых навук.

Паспрыяць такому вывучэнню і мае на мэце дадзены дапаможнік. У структурным плане ён складаецца з уводзінаў і трох вялікіх раздзелаў. Ва ўводзінах разглядаюцца істотныя рысы навукі ў цэлым, даецца агульная характарыстыка яе прыродазнаўчага сегмента і яго стасункаў з іншымі відамі пазнання. Кожны з наступных раздзелаў прысвечаны пэўнай гістарычнай эпосе ў развіцці прыродазнаўчых навук. Усе раздзелы разбітыя на параграфы (раздзеленыя ў некаторых выпадках на пункты), якія завяршаюцца пададзеным паўтлустым курсіўным шрыфтам абагульненнем выкладзенага ў іх матэрыялу. Да кожнага параграфа дадаюцца пытанні і заданні, як правіла, творчага характару: яны запатрабуюць ад чытача сур’ёзных высілкаў, у шмат якіх выпадках – звароту да дадатковай літаратуры.

У дапаможніку прыняты звычайны парадак цытавання і згадкі ўжытых крыніц: у квадратных дужках падаецца нумар цытаванай працы ў спісе літаратуры і нумар старонкі (у выпадку шматтомавых выданняў указваецца таксама нумар тома). Калі гаворка ідзе пра інтэрнэт-крыніцу, дык прыводзіцца, натуральна, толькі яе парадкавы нумар у згаданым спісе, змешчаным у канцы тэкста. Ім дапаможнік, аднак, не завяршаецца, яго апошнім структурным элементам з’яўляецца слоўнік асноўных паняццяў. У ім даецца азначэнне найважнейшых прыродазнаўчых тэрмінаў (у першую чаргу і ў найбольшай частцы тых, што ўжываюцца, але не вызначаюцца непасрэдна ў тэксце дапаможніка).

Выказваю шчырую падзяку ўсім, хто падтрымаў дадзены праект, – калектыву кафедры філасофіі БДУКМ, супрацоўнікам рэдакцыйнага аддзела ўніверсітэта, рэцэнзентам. Спадзяюся, што дапаможнік знойдзе свайго – удумлівага, зацікаўленага – чытача, і з удзячнасцю прыму кожную аб’ектыўную заўвагу і кожны абгрунтаваны крытычны водгук.

УВОДЗІНЫ

Навука як від пазнання і як феномен культуры

Ужо ў эпоху Антычнасці чалавецтва выпрацавала ідэал абгрунтаваных і сістэматычных ведаў, які мaе істотнае значэнне для разумення існасці навукі. Праўда, гэты ідэал характэрны і для філасофіі. Але праз рэфлексіўную натуру апошняй ў яе тэарэтычных пабудовах ахопліваецца і аб’ектыўнае, і суб’ектыўнае, быццё разглядаецца ў непарыўным адзінстве з мысленнем, рэчаіснасць – у сувязі з магчымасцю яе змянення, пераўтварэння, удасканалення. Таму для філасофскай думкі ўласцівая большая ступень свабоды і творчай актыўнасці ў дачыненні да досведу, чым для тэарэтычнага навуковага пошуку. Навука, аднак, праз сваю прадметную скіраванасць і праз трывалую сувязь з досведам, з назіраннямі і эксперыментамі мае ў сваім метадычным арсенале дзейсныя сродкі эмпірычнай праверкі, а значыцца і абгрунтавання, выпрацаваных у яе абсягу тэарэтычных палажэнняў. Так, ад навуковых тэорый патрабуецца здольнасць рабіць прадказанні адносна будучага досведу, якія могуць быць ім абвергнутыя. У тым выпадку, аднак, калі такія прадказанні спраўджваюцца, статус і аўтарытэт адпаведных тэорый істотна павышаецца, што не аднойчы назіралася ў гісторыі навуковага пазнання[3].

Грунтоўны пазнавальны патэнцыял навукі выяўляецца ў яе здольнасці адкрываць і апісваць істотныя і неабходныя – заканамерныя – сувязі паміж рэальнымі з’явамі і працэсамі. Пазнанне законаў рэчаіснага свету, з аднаго боку, робіць магчымым рацыянальнае тлумачэнне тых падзей, што ў ім адбываюцца, а з іншага, – дазваляе маніпуляваць імі, ствараць умовы, пры якіх яны разгортваюцца пэўным – зручным і карысным для людзей – чынам. Рацыянальна-пазнавальны і прагматычны пачаткі з неабходнасцю выяўляюцца ў культуры, асабліва ў культуры сучаснага, дынамічнага, тэхнагеннага грамадства, і забяспечваецца іх выяўленне ў культурным жыцці у першую чаргу навукай.

Такім чынам, навука выступае як неабходны сегмент культурнай прасторы, выконвае істотную ролю ў ёй, пры гэтым яна інтэнсіўна ўзаемадзейнічае з іншымі культурнымі феноменамі. Згаданае ўзаемадзеянне мае няпросты, супярэчлівы характар, у пэўныя перыяды яго гістарычнага разгортвання назіраліся поўныя драматызму і нават трагізму калізіі – найперш ва ўзаемадачыненнях навукі і рэлігіі. Тым не менш цалкам правамерна сцвярджаць, што ўзаемны ўплыў навуковага пазнання і іншых духоўных формаў з’яўляецца плённым і дабратворным як для культуры ў цэлым, так і для паасобных яе структурных кампанентаў. Асабліва выразна гэта выяўляецца ў пераломныя перыяды культуратворчасці, перадрэвалюцыйныя часы і ў эпохі вялікіх духоўных рэвалюцый. (У дадзенай сувязі варта ўзгадаць інтэнсіўнае ўзаемадзеянне філасофіі і навукі ва ўмовах крызісных пазнавальных сітуацый, у найвышэйшай ступені спрыяльнае для іх абедзвюх.)

Значыцца, навуковы пошук адбываецца ў пэўным культурным і светапоглядным рэчышчы, сутнасць і характар якога не заўсёды ўсведамляецца самімі дзеячамі навукі. Гэта дазваляе весці гаворку пра культурна-гістарычны і псіхалагічны, асобасны аспекты навуковых ведаў, пра іх скрытае, прыхаванае ў глыбінях суб’ектыўнай духоўнасці вымярэнне. Але наяўнасць эфектыўных механізмаў праверкі і абгрунтавання вынікаў навуковага пазнання[4], а таксама яго здольнасць да выяўлення законаў рэчаіснага свету дае яму магчымасць прэтэндаваць на аб’ектыўнасць дасягнутых ім ведаў (як бы апошняя ні разумелася: як незалежнасць ад паасобных індывідаў, іх суб’ектыўных меркаванняў, фантазій, забабонаў і ад чалавецтва ў цэлым ці як інтэрсуб’ектыўнасць, усеагульная значнасць). Паўстае крыху пікантная сітуацыя: навука, на сцягу якой прынцып забароны супярэчнасці запісаны як асноватворны, спалучае ў сабе супрацьлеглыя па сваёй сутнасці моманты[5]. Але прысутнасць супрацьлеглых характарыстык у сістэме яе вызначэнняў ні ў якім разе не паралізуе навуковы пошук; зусім наадварот, дзякуючы ёй, дзякуючы таму, што суб’ектыўны і аб’ектыўны бакі згаданай супрацьлегласці ўзаемадзейнічаюць адзін з адным, дапаўняюць адзін аднаго, навука выступае як жывы, здольны да руху і развіцця феномен.

Высокі духоўны патэнцыял навуковага пазнання, яго жыццяздольнасць і дынамізм выяўляюцца, з аднаго боку, у паглыбленні навуковых ведаў, а з іншага,- ва ўзмацненні ролі, значэння і аўтарытэту навукі ў грамадстве. Пераход ад традыцыйнага да сучаснага тыпу цывілізацыйнага ўладкавання суправаджаецца яе інстытуцыяналізацыяй: утвараюцца даследчыя ўстановы, паміж якімі ўсталёўваюцца рэгулярныя кантакты; узнікае навуковая супольнасць, унутры якой пачынаюць дзейнічаць спецыфічныя рэгулятывы; паўстае сістэма знешніх стасункаў навукова-даследчых устаноў з іншымі сацыяльнымі арганізацыямі і г. д. Няўхільна ўзрастае ўвага грамадства да навукі, узмацняецца яе духоўная і матэрыяльная падтрымка. У ХХ ст. распачынаецца сталае дзяржаўнае фінансаванне навуковых даследаванняў, і адпаведныя артыкулы набываюць усё большую ўдзельную вагу ў дзяржаўных бюджэтах. Паколькі згаданыя даследаванні патрабуюць у сучасных умовах значных выдаткаў, у пэўных выпадках непасільных для паасобных дзяржаў, павялічваецца колькасць міжнародных, міждзяржаных праектаў (увядзенне ў дзеянне Вялікага адроннага калайдэра – надзвычай яскравы прыклад такой інтэрнацыянальнай кааперацыі ў сферы навуковага пазнання).

Неабходна адзначыць разам з тым, што выкліканая ў грамадстве ўзнікненнем навукі сучаснага тыпу духоўная рэакцыя мае дастаткова неадназначны характар. Надзвычай яскрава гэта выяўяецца ў філасофіі. З аднаго боку, у яе абсягу з’явіліся ўплывовыя кірункі (пазітывізм, структуралізм), прадстаўнікі якіх арыентуюцца на навуку, разглядаюць яе як адзіную форму пазнавальнай дзейнасці, што можа прынесці сапраўдныя веды, бачаць у ёй найбольш дзейсны сродак для рашэння ўсіх грамадскіх праблем. З іншага боку, узнікаюць і такія духоўныя плыні, для якіх характэрна крытычнае і больш за тое – варожае стаўленне да навуковага пазнання (экзістэнцыялізм; яно назіраецца нават у абсягу постпазітывісцкай філасофіі – у творчасці П.Феерабенда). І хоць у культуры тэхнагеннага грамадства дамінуе станоўчае яго бачанне, тым не менш уплыў антысцыентысцкіх (варожых да навукі) канцэпцый выяўляе тэндэнцыю да ўзмацнення. Справа ў тым, што антысцыентызм мае ў рамках гэтай культуры пэўныя падставы і пэўнае прызначэнне, сутнасць якога ў тым, каб паказаць, што навуковае пазнанне не з’яўляецца найвышэйшым тыпам пазнавальнай дзейнасці і што грамадскія супярэчнасці не могуць не закрануць яго праз ягоную сацыякультурную натуру. І сапраўды, выкарыстанне навуковых ведаў у грамадстве мае неадназначны характар, цягне за сабой і станоўчыя, і адмоўныя наступствы, прычым маштаб і тых, і другіх з разгортваннем навуковых даследаванняў павялічваецца.

Аднак паколькі супярэчлівая форма, у якой ужываюцца дасягненні сучаснай навукі, абумоўленая супярэчлівасцю мадэрнавай дынамічнай цывілізацыі, дык наўрад ці правамерна ўскладаць на навуку як такую адказнасць за нарастанне крызісных з’яў у функцыянаванні гэтай цывілізацыі (магчымасць самазнішчэння чалавецтва праз ужыванне атамнай зброі, пагроза экалагічнай катастрофы і г. д.). Праблема гуманізацыі грамадскага выкарыстання навуковых ведаў зводзіцца, такім чынам, да праблемы гуманізацыі ўсёй сістэмы грамадскіх дачыненняў.

Разам з тым неабходна адзначыць у найвышэйшай ступені няпросты характар духоўнай сітуацыі, у якой знаходзіцца сучасная навука. Пра гэта найяскравейшым чынам сведчыць наяўнасць у яе абсягу не толькі грунтоўных маральных калізій, але і праблем палітычна-прававога кшталту, так што яе рэгуляванне не можа заставацца справай суб’ектыўнага самавольства. Дадзенае палажэнне мае моц у першую чаргу ў дачыненні да біялагічных навук. Справа ў тым, што сучасныя біялагічныя даследаванні асабліва блізка падышлі да той мяжы, дзе прынцып свабоды мыслення, прынцып свабоды навуковай творчасці, які мае статус грунтоўнага ў сучаснай культуры, сутыкаецца з не менш грунтоўнымі маральнымі нормамі, выпакутаванымі чалавецтвам у працэсе яго шматвекавога самаразвіцця.

Несумненна, што для вырашэння адпаведных праблем неабходна задзейнічаць духоўны патэнцыял усяго чалавецтва, неабходная шырокая грамадская дыскусія, у якой павінен узяць удзел кожны неабыякавы чалавек і голас кожнага ўдзельніка павінен быць пачуты. Аднак на абыякавасць у дадзеным выпадку не мае права ніхто. Каб узяць чынны ўдзел у згаданай дыскусіі, каб мець магчымасць паўплываць на прыняцце палітычных рашэнняў і стварэнне прававога поля ў дадзенай сферы, неабходна валодаць грунтоўнымі ведамі ў галіне гуманітарыстыкі і глыбокімі прыродазнаўчымі, у прыватнасці біялагічнымі, ведамі (надзвычай важкі аргумент на карысць сур’ёзнага вывучэння асноў сучаснага прыродазнаўства!).

Такім чынам, навука – гэта адмысловы тып пазнання, скіраваны на дасягненне абгрунтаваных, сістэматычных і аб’ектыўных ведаў. Яна выступае як неад’емны сегмент культуры, які стала ўзаемадзейнічае з іншымі яе сегментамі. У багацці яе ўнутраных вызначэнняў і складанасці знешніх стасункаў – аснова яе рухомага, жывога характару, яе здольнасці да развіцця. Дадзенае развіццё адбываецца ў няпростым сацыяльным кантэксце, асабліва на сучасным этапе. У сувязі з гэтым узнікаюць грунтоўныя духоўныя праблемы, грунтоўныя і ў плане складанасці іх рашэння, і з пункту гледжання іх актуальнасці, іх значэння. Іх вырашэнне патрабуе інтэнсіўнай духоўнай працы ўсяго чалавецтва, максімальнай мабілізацыі ягонага інтэлектуальнага патэнцыялу.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Што характарызуе навуку як культурны феномен?

2. Правядзіце параўнальны аналіз філасофіі і навукі як тыпаў пазнання.

3. Як Вы ставіцеся да тэзы, згодна з якой навука можа ўсё? (У дадзенай тэзе акрэсліваецца пазіцыя, якую можна назваць “ідэалогіяй усемагутнасці навукі” [58, c.135].) Калі навуковаму пазнанню ўсё-такі ўласцівы пэўныя межы, дык дзе яны?

4. На думку К.Ф.фон Вайцзэкера, “пасля выбуху атамнай бомбы для навукоўца быць свядомым носьбітам палітычнай адказнасці – гэта самавідавочны абавязак” [88, c.72-73]. Ён указвае далей, што формы ўдзелу навукоўцаў у палітычным жыцці могуць быць рознымі: яны вызначаюцца асабістымі здольнасцямі кожнага з іх, характарам палітычнай сітуацыі [88, c.73]. Як Вы лічыце, у якіх формах павінна ўвасабляцца грамадска-палітычная адказнасць навукоўцаў у сучасных умовах?





sdamzavas.net - 2019 год. Все права принадлежат их авторам! В случае нарушение авторского права, обращайтесь по форме обратной связи...