Главная Обратная связь

Дисциплины:






Вышэйшыя судовыя органы Вялікага княства Літоўскага



Да канца XV — пачатку XVI ст. у Вялікім княстве Літоўскім дзейнічаў тыповы для раннефеадальнага перыяду прынцып, згодна з якім органы дзяржаўнай улады адначасова выконвалі і судовыя функцыі. Але на працягу XVI ст. назіраецца адыход ад такога парадку вядзення спраў і ў выніку складваюцца дзве сістэмы судовых органаў: агульна-саслоўныя, што былі заснаваныя на звычаёвым праве і законе, і саслоўныя (для духавенства, шляхты, мяшчан, сялян, татар, яўрэяў) суды. Саслоўныя суды для шляхты былі аддзелены ад адміністрацыі і дзейнічалі на падставе закону ў адпаведнасці з тэорыяй аб падзеле ўлад. Астатнія саслоўныя суды дзейнічалі на аснове Бібліі, Карана, Торы, спецыяльных нарматыўных актаў ці старажытнага копнага права.

Вышэйшым агульнасаслоўным судом лічыўся вялікакняжацкі (гаспадарскі) суд, існавалі таксама суд паноў-рады і камісарскі суд, якія з’яўляліся разнавіднасцю гаспадарскага суда.

Гаспадарскі суд меў вельмі шырокія паўнамоцтвы. Ён разглядаў справы як па першай, так і па другой інстанцыі. У якасці суда першай інстанцыі гаспадарскі суд разглядаў справы аб дзяржаўных злачынствах, “споры о силе и значении различных жалованных грамот, затрагивающих интересы государственной казны”, аб прыналежнасці да саслоўя шляхты, аб палітычных злачынствах, аб скаргах на незаконныя дзеянні вышэйшых службовых асоб і інш. Выключна да падсуднасці гаспадарскага суда адносіліся справы аб злачынствах супраць паноў-рады, ваявод, кашталянаў, старастаў, суддзяў у час выканання імі сваіх службовых абавязкаў. У якасці суда другой інстанцыі гаспадарскі суд разглядаў любыя справы, якія прыходзілі ў парадку апеляцыі на рашэнні з мясцовых судоў. Разгляд спраў у гаспадарскім су-дзе вёўся пры ўдзеле вялікага князя і радных паноў. Рашэнні гаспадарскага суда лічыліся канчатковымі і абскарджанню не падлягалі.

Суд паноў-рады мог разглядаць па даручэнні вя-лікага князя справы, якія паступалі на імя гаспадара. Яго рашэнні мелі сілу незалежна ад колькасці членаў Рады, якія прысутнічалі на судовым пасяджэнні.

Калі суд паноў-рады разглядаў самыя розныя справы па даручэнні гаспадара, то камісарскі ўтвараўся ім для рашэння спраў, якія паступалі на імя вялікага князя і тычыліся толькі зямельных спрэчак феадалаў, што закраналі інтарэсы вялікакняжацкіх уладанняў. Спецыяльна прызначаныя камісары выяз-джалі на месца і там разглядалі спрэчку па сутнасці справы і прымалі па ёй рашэнне.

У Вялiкім княстве Лiтоўскім існаваў і Соймавы суд. Ён першапачаткова праводзіўся вялікім князем і панамі-радай у час склікання соймаў. Згодна са Статутам 1588 г. справы ў соймавым судзе разглядаліся вялікім князем, панамі-радай і васьмю дэпутатамі сойма.



Адной з разнавіднасцей гаспадарскага суда быў маршалкаўскі суд. Яго мог узначальваць адзін ці два маршалкі. Гэты суд разглядаў справы па даручэнні або загаду гаспадара. Месцам правядзення яго пасяджэнняў звычайна быў гаспадарскі двор, а калі ўзнікала неабходнасць, то ён мог пераязджаць і ў іншыя месцы1.

Як вядома, вялікі князь вельмі часта адсутнічаў у дзяржаве, а ў межах Вялікага княства Літоўскага пераязджаў з рэгіёна ў рэгіён. Па гэтай прычыне феадалам цяжка было знайсці вышэйшага суддзю, гаспадарскі суд збіраўся рэдка, у выніку чаго разгляд асобных судовых спраў затрымліваўся на дзесяткі гадоў. Напрыклад, вялікі князь Аляксандр у сваім канстытуцыйным прывілеі 1492 г. абяцаў неадкладна разгледзець тыя судовыя справы, якія не паспеў вырашыць яго бацька. “Але яго пераемнік Жыгімонт I павінен быў паўтарыць гэтае абяцанне і амаль праз 40 гадоў пасля смерці Казіміра абяцае “без отволоки” закончыць усе тыя судовыя справы, якія не паспелі закончыць яго бацька Казімір і яго брат Аляксандр. Але такія самыя завалы спраў засталіся і пры пераемніках Жыгімонта I — пры яго сыне і пры Стэфане Баторыю”2 .

З мэтай разгрузіць гаспадарскі суд граматай караля Стэфана Баторыя ад 1 сакавіка 1581 г. быў утвораны Галоўны суд (трыбунал) — найвышэйшы суд Вялікага княства Літоўскага. З яго ўтварэннем судовая ўлада вялікага князя і паноў-рады абмяжоўвалася, што ўказвае на пастаянную тэндэнцыю да аслаблення ўлады вялікага князя ў дзяржаве і ўмацавання ролі шляхты. Можна меркаваць, што з утварэннем Галоўнага суда ўзмацніўся і суверэнітэт Вялікага княства Літоўскага.

Ва ўводнай частцы закона 1581 г. “Способ прав трибунальских” абгрунтоўваецца неабходнасць утварэння Галоўнага суда і акрэсліваецца яго кампетэнцыя; у раздзеле “Способ обирания судей” разглядаецца парадак фарміравання і склад Літоўскага трыбунала.

Трыбунал Вялікага княства Літоўскага ствараўся для апеляцыйнага перагляду спраў, але асобныя справы ён мог разглядаць у парадку першай інстанцыі. Яго пастановы мелі сілу пастаноў сойма. Галоўны суд складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, якія выбіраліся на сойміках з мясцовай шляхты, па два ад кожнага павета, тэрмінам на 1 год1. Пры гэтым трэба адзначыць, што выбранымі маглі быць толькі шляхціцы, якія мелі ўласныя зямельныя ўладанні, дасведчаныя ў праве і мясцовых звычаях.

Галоўны суд разглядаў апеляцыі на рашэнні земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на рашэнні павятовай адміністрацыі. Ён разглядаў скаргі на рашэнні (выракі) панскіх судоў у адносінах служылых шляхціцаў, прыгавораных да пакарання смерцю, турэмнага зняволення ці буйных грашовых штрафаў.

У якасці першай інстанцыі Галоўны суд разглядаў справы, якія раней былі ў кампетэнцыі вяліка-княжацкага суда (“вси справы пришлые, которые кольвек на суд наш госпадарский припадати бы имели”). Асобныя катэгорыі спраў складалі скаргі на незаконныя дзеянні і злоўжыванні мясцовых службовых асоб і суддзяў, а таксама справы, якія былі адкладзены гаспадарскім судом да 1581 г. Пад юрысдыкцыю трыбунала падпадалі таксама справы духоўных асоб, пры разглядзе якіх стваралася сумесная калегія, у якую ўваходзілі члены Галоўнага суда і прадстаўнікі духавенства. Апошнія прызначаліся біскупамі.

Сесіі трыбунала праходзілі пад старшынствам выбранага суддзямі маршалка. Справы разглядаліся судовай калегіяй з двух—сямі чалавек. Пастановы прымаліся большасцю галасоў на аснове Статутаў Вялікага княства Літоўскага, соймавых Канстытуцый і звычаёвага права. Не прымалі ўдзелу ў разглядзе справы члены суда з таго самага павета, што і бакі ў спрэчцы. Як адзначалася, рашэнні (дэкрэты) Галоўнага суда мелі сілу соймавых пастаноў, таму яны не маглі быць абскарджаны і адменены нават вялікім князем. Выкананне рашэнняў праводзілася павятовымі судамі або павятовымі старастамі.

Месцам работы сесій Галоўнага суда былі Вільня (штогод), Менск і Навагародак (па чарзе праз год). Да 1588 г. сесіі праходзілі і ў Троках.

Разам з разглядам судовых спраў Галоўны суд выконваў і натарыяльныя абавязкі: завяраў завяшчанні, дагаворы пазыкі, куплі-продажу маёнткаў і інш.

Акрамя Галоўнага суда было яшчэ некалькі судоў вышэйшай інстанцыі, у прыватнасці суд літоўскай скарбавай камісіі, або “Скарбавы трыбунал”. Ён быў утвораны ў Вялікім княстве Літоўскім у 1609 г. і складаўся з падскарбіяў (земскага і дворнага), аднаго сенатара і сямі шляхціцаў, выбраных на сойме. Да кампетэнцыі “Скарбавага трыбунала” адносіліся ўсе справы, якiя тычыліся гандлёвых кантрактаў, спрэчак паміж купцамі і іскаў па векселях, злачынных дзеянняў, накіраваных супраць службовых асоб дзяржаўнага скарба, нявыплаты дзяржаўных падаткаў. У 1726 г. пастановай Гродзенскага сойма частка функцый “Скарбавага трыбунала” была перададзена Галоўнаму літоўскаму трыбуналу.

 





sdamzavas.net - 2019 год. Все права принадлежат их авторам! В случае нарушение авторского права, обращайтесь по форме обратной связи...